Самотны ранак, не крыўдуй на дзівака
Не пазірай з маўклівай насцярогай
Бо вабіць яго доўгая дарога
Да мёртвых замкаў і знямелых хат
Цярпліва крочыць скрозь боль і стому
Хто абірае выпрабаванне
Пакінуць родны кут, каханне
Дзеля дарогі ў невядомасць
Дарога гоніць, дарога кліча
Спыніцца вечная не дае
Дарога безліч мае абліччаў
Ды толькі цяжка знайсці яе
Мінаюць вёскі, людзі і лёсы
Спакою прагнуць і коннік і хмары
Дарога імкліва вядзе да нябёсаў
Але застаецца няспраўджанай марай…
Пустэча. Лёс бязлітасны араты.
Пассеў тут магілы і крыжы.
Не пераступіш чорнае мяжы
І нават не адпомсціш вінаватым
За хіжае маўчанне, раўнадушша,
Гісторыю, што тыя гнуць у спіралі,
За тое, што аблокі расстралялі
І дождж амыў святыя нашы душы.
За тое, што ў прыбранай ладнай хаце
Замест надзеі, будучыні светлай
Збівалася ў букеты цотнасць кветак
І множылася гора і пракляцце.
Стаў гэтым край задужа наш багатым,
Гібела аціхала прага жыць
Не пераступіш чорнае мяжы
І нават не адпомсціш вінаватым.
У нераце шэрым –
Пустэча і ціна.
Ды дно не хавае
Паданняў дзівосных.
Як раптам
У сеціве –
Цуда-дзяўчына
Сядзіць.
І расчэсвае доўгія косы.
І ціха паводзячы белай рукою,
Даводзіць легенду старую.
Што недзе пад чыстай блакітнай вадою
Жыццё праз стагоддзі віруе.
Той горад аднойчы сівы небарака
Схаваў ад забойцаў здзічэлых.
І возерам Свіцязь сустрэў тых ваякаў,
І возера гнеўна трымцела.
Пакінулі край той, што болем сталее.
Захопнікам услед паглядалі лілеі.
То людзі былі, – прашаптала дзяўчынка.
І знікла ў лагодных азёрных абдымках.
Хай неба нам радзіць
Хай месяц прыме наш шлюб
Клянуся табе не здрадзіць
І ў сведкі клічу зямлю
Няхай гарыць кахання зніч
Мой род працягнецца стары,
Бо заручыў нас сонца-крыж
Ды блаславілі карані
А ці чуеш ты грукат капытоў,
То імчаць сюды карнікі Хрыста
Вочы тояць за шчытом
О, святая прастата.
Бегчы, куды?
З намі зямля
З намі дзяды
І млечны шлях.
Разам з табой ўрасцем як сцяна
Нас закатуюць, асудзяць.
Але й залатая страла Перуна
Праб'е іх няверныя грудзі…